ПО́ЎНАЕ ЎНУ́ТРАНАЕ АДБІЦЦЁ,

асобны выпадак адбіцця святла ці эл.-магн. выпрамянення інш. дыяпазону на мяжы падзелу двух асяроддзяў. Адбываецца, калі выпрамяненне падае на паверхню падзелу з боку аптычна больш шчыльнага асяроддзя (з большым пераламлення паказчыкам n1 пад вуглом i > iгр, дзе iгрт.зв. гранічны (крытычны) вугал, які вызначаецца з умовы sin bгр = n2/n1, n2 — паказчык пераламлення другога асяроддзя. Пры П.у.а. эл.-магн. энергія поўнасцю вяртаецца ў аптычна больш шчыльнае асяроддзе. У другое (менш шчыльнае) асяроддзе поле пранікае толькі на характэрную адлегласць парадку даўжыні хвалі выпрамянення і яго амплітуда экспаненцыяльна затухае з аддаленнем ад мяжы падзелу. П.ў.а. выкарыстоўваецца ў аптычных прыладах (напр., прызме аптычнай) і валаконнай оптыцы.

Поўнае ўнутранае адбіццё.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)